Скарбонка памяці


23 мая 2020 года ў музеі «Лошыцкая сядзіба» пачынае працу выставачны праект «Скарбонка памяці: выстава народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету. Беларусы да сённяшніх дзён захавалі многія віды і формы народнай традыцыйнай творчасці: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.

На выставе прадстаўлена больш за 500 прадметаў сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Міхайлавічам Сахутай у экспедыцыях, праведзеных па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе частка калекцыі была перададзена ў фонды Музея гісторыі горада Мінска.

Многія даўбана-разьбяныя, ганчарныя, плеценыя, каваныя вырабы, якія экспануюцца на выставе, уражваюць першабытнай суровасцю, прастатой і магутнасцю формаў. У дэкоры драўлянага і керамічнага посуду, вышываных і тканых вырабах пераважаюць старажытныя геаметрычныя матывы, якія маюць даўняе сімвалічнае паходжанне. Да старажытных таксама адносяцца зааморфныя матывы драўлянай і глінянай пластыкі, цацак-свістулек.

Сярод найбольш каштоўных і цікавых прадметаў − саламяныя коні, чаплі і буслы, разнастайнае керамічнае начынне, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, выцінанка.

Экспанаты, сабраныя на выставе, створаны майстрамі не аднаго пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і з’яўляюцца адлюстраваннем шляху жыцця. За кожным прадметам, за кожным вырабам – ці жыццёвая сітуацыя, ці шчаслівая сустрэча, ці роздум у адзіноцтве. Магчыма, і ў наведвальніка яны закрануць запаветныя струны душы, адгукнуцца радасцю, разварушаць пачуцці і ўспаміны з дзяцінства.

праезд Чыжэўскіх, 8-2
тэрыторыя Лошыцкага паркава-сядзібнага комплексу
(017) 396 18 86
minskmuseum.by

серада – нядзеля, 10.00 - 18.00

Уваходны білет:

  • 3,00 руб. – для дарослых
  • 2,50 руб. – для студэнтаў
  • 1,50 руб. – для школьнікаў
  • 20,00 руб. – экскурсія (для групы да 10 чалавек)
6887